…трэба вярнуцца ў самы пачатак 1990-х

Для таго, каб добра апісаць гісторыю стварэння і дзейнасці Дабрачыннай каталіцкай Місіі “Карытас-Міласэрнасць” у Гомелі, трэба вярнуцца ў самы пачатак 1990-х. У той час малады святар Славамір Ляскоўскі, які прыехаў у Гомель з Польшчы ў 1989 годзе з мэтай адраджэння каталіцкай парафіі і рэлігійнага жыцця ў Гомелі, займаўся будаўніцтвам касцёла, але адначасова бачыў цяжкае становішча многіх людзей і шукаў магчымасцяў для дапамогі тым, хто жыве ў нястачы. Многія ведалі аб гэтым і аднойчы ён быў запрошаны ў Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў пасёлку Красны Пахар Рагачоўскага раёна (110 км ад Гомеля), дзе яго папрасілі аб дапамозе. Дапамагаючы матэрыяльна, святар адзначыў, што патрэбна і іншая дапамога, перш за ўсё – змена адносінаў да чалавека з інваліднасцю.
З 1992 года ксёндз Славамір некалькі разоў звяртаўся ў Кангрэгацыю Сясцёр Бенедыктынак-Самарытанак Крыжа Хрыстовага ў Польшчы з прапановай скіраваць Сясцёр на служэнне дзецям і падлеткам з інваліднасцю, якія пражываюць у Журавіцкім дзіцячым доме-інтэрнаце. Гэты манаскі ордэн мае багаты вопыт працы ў гэтай сферы. Па шэрагу прычын паездка Сясцёр у Беларусь адбылася толькі ў 1996 г. На працягу некалькіх дзён Сёстры наведвалі Журавіцкі дзіцячы дом-інтэрнат, у якім знаходзілася больш за 200 чалавек, пазнаёміліся з умовамі, у якіх пражывалі дзеткі і ўбачылі неабходнасць свайго служэння ў гэтым месцы. Дырэктар дома-інтэрната таксама была гатова з радасцю прыняць Сясцёр і разам паляпшаць жыццё маленькіх выхаванцаў.

Для запрашэння Сясцёр патрэбна была згода дзяржаўных уладаў. Ксёндз Славамір запрасіў старшыню Савета па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гомельскага аблвыканкама Кляўцова Уладзіміра Віктаравіча наведаць польскія ўстановы сацыяльнай дапамогі, дзе служаць Сёстры Бенедыктынкі-Самарытанкі. І ў сакавіку 1997 года адбыўся азнаямленчы візіт, пасля якога старшыня запэўніў, што зробіць усё магчымае, каб Сёстры змаглі прыехаць у Беларусь. І ўжо праз паўгода справа была вырашана. Пасля афармлення дакументаў у маі 1998 года 3 сястры (Даміяна, Адрыяна, Лідзія) пачалі служэнне ў Журавічах.
Дзеці, якія жылі ў Журавіцкім доме-інтэрнаце, мелі вельмі цяжкую і сумную жыццёвую гісторыю. Яны былі пазбаўлены самага каштоўнага – сям’і і бацькоў, многія не маглі хадзіць і не ўмелі размаўляць, і адзіныя, у кім яны шукалі падтрымку, любоў і ласку – гэта супрацоўнікі дома-інтэрната, якія, нажаль, не маглі ўсім надаць належнай увагі. Місія Сясцёр была ў тым, каб прынесці цеплыню і любоў кожнаму. Зрэшты, гэтаму яны і прысвяцілі ўсё сваё жыццё. Паступова, маленькімі крокамі Сёстры мянялі стаўленне выхавацеляў да дзяцей і падлеткаў, сваім прыкладам паказваючы, якія цуды могуць рабіць праявы шчырай любові – пяшчота, абдымкі, узаемная павага і размовы, нягледзячы нават на моўны бар’ер.
Адначасова адбываліся і іншыя змены ў доме-інтэрнаце. Яны сталі магчымымі дзякуючы сябрам і спонсарам з еўрапейскіх краін, якіх шукаў ксёндз Славамір. Такім чынам былі ўстаноўлены фільтры для ачысткі вады ў сталовай і пральні, атрымалася змяніць абсталяванне санвузлоў, закупіць кухоннае абсталяванне, бытавое электраабсталяванне, сталярныя і слясарныя прылады, спартыўныя тавары, матрацы, сродкі гігіены, адзенне, медыкаменты, сродкі для рэабілітацыі, цяпліцы і абсталяванне для іх, некаторыя будаўнічыя матэрыялы для рамонту і іншыя рэчы.
Першапачаткова Сёстры жылі ў двухпакаёвай кватэры ў доме для супрацоўнікаў дома-інтэрната, дзе яны самі рабілі рамонт і перш за ўсё абсталявалі адзін пакой пад капліцу для штодзённых малітваў. Затым атрымалася перасяліцца ў прасторную 4-х пакаёвую кватэру, дзе ў кожнай Сястры быў свой пакой.
З 1998 па 2011 год у Журавіцкім доме-інтэрнаце, змяняючыся, служыла 10 Сясцёр (Даміяна, Лідзія, Адрыяна, Уршула, Паўліна, Міхаэла, Нікадэма, Вераніка, Каміла, Шымона).
Служэнне, досвед і прафесіяналізм Сясцёр, а перш за ўсё жаданне дарыць цеплыню і любоў, змянілі жыццё выхаванцаў. Змянілася і бачанне таго, якія ўмовы могуць быць створаны для іх. Менавіта тады ў ксяндза Славаміра і Сясцёр узнікла ідэя аб стварэнні «Дзіцячай вёскі» – месца, дзе ўсе дзеці з інваліднасцю будуць жыць у сямейнай атмасферы, акружаныя клопатам і любоўю.
Больш падрабязна пра гісторыю стварэння «Дзіцячай вёскі» можна даведацца ў раздзеле “Наша дзейнасць”.
Адкрыццё рэгіянальнага Карытас
Як ужо было сказана раней, дабрачынная дзейнасць у каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці пачала ажыццяўляцца з самага пачатку 1990-ых.
Для рэалізацыі шматлікіх дабрачынных праектаў, а таксама будаўніцтва “Дзіцячай вёскі”, намаганняў адной толькі парафіі было недастаткова. Таму ксёндз Славамір звярнуўся да Кардынала Казіміра Свёнтка з прапановай адкрыцця рэгіянальнага Карытас. Рашэннем Кардынала ў 2003 годзе была створана Дабрачынная каталіцкая Місія “Карытас-Міласэрнасць”, на пасаду дырэктара якой была прызначана Валянціна Казлова. Стварэнне Місіі дало магчымасць рэалізоўваць шматлікія дабрачынныя праекты па ўсёй Гомельскай вобласці пры фінансавай падтрымцы замежных спонсараў і партнёраў.
З моманту стварэння арганізацыі вялася разнастайная дабрачынная дзейнасць:
- Рэгулярная падтрымка Дома Міласэрнасці Сясцёр ордэна Маці Тэрэзы, якія прыбылі ў Гомель у 1993 годзе. Забеспячэнне прадуктамі харчавання для функцыянавання сацыяльнай сталовай для бяздомных, а таксама для выдачы прадуктовых набораў малазабяспечаным грамадзянам.
- Атрыманне і размеркаванне гуманітарных грузаў. Гуманітарная дапамога размяркоўвалася ў першую чаргу прытулку для бяздомных, Журавіцкаму дзіцячаму дому–інтэрнату. Таксама аказвалася дапамога бальніцам, паліклінікам, дамам-інтэрнатам, дамам састарэлых, зняволеным жанчынам, асобам, вызваленым з месцаў зняволення, бежанцам, шматдзетным сем’ям, самотным маці, службам выратавання. Гуманітарны транспарт змяшчаў імянныя пасылкі, прадукты харчавання, мэблю, сродкі гігіены, офісную тэхніку, адзенне, абутак, сродкі хатняга ўжытку, перавязачныя матэрыялы, інвалідныя каляскі, пасцельныя прыналежнасці, будаўнічыя матэрыялы, сантэхніку.
- Арганізацыя дзіцячага адпачынку на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. У нашай краіне дзеці адпачывалі ў вёсцы Камаі, Пастаўскага раёна, Віцебскай вобласці. Праграма адпачынку для дзяцей і моладзі засноўвалася на выхаванні ў іх хрысціянскіх каштоўнасцяў сям’і і валанцёрства. За мяжой дзеці аздараўляліся ў Верхняй Аўстрыі, у Ціролі, у Ліхтэнштэйне.
- Арганізацыя адпачынку падчас летніх вакацый для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных, праблемных сем’яў і дзяцей з дома-інтэрната. Галоўнай мэтай было стварыць умовы для камунікавання хлопчыкаў і дзяўчынак з дома-інтэрната з іншымі дзяцьмі, а таксама зрабіць іх летні адпачынак пазнавальным, цікавым і карысным.
- Правядзенне навучальных семінараў з удзелам трэнераў з Літвы і Аўстрыі для павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і супрацоўнікаў дзённых аддзяленняў цэнтраў сацыяльнай абароны Гомельскай вобласці, якія працуюць у непасрэдным абслугоўванні дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю.
- Аказанне дапамогі жанчынам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і пакутавалі ад хатняга гвалту. У супрацоўніцтве з Мазырскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання жанчынам аказвалася псіхалагічная, інфармацыйная і матэрыяльная дапамога. Для самых бедных сем’яў былі набыты прадукты харчавання, адзенне і абутак, школьныя прылады.
- Аказанне дапамогі жаночай папраўчай калоніі г. Гомеля. У Доме дзіцяці, размешчаным на тэрыторыі калоніі, была абсталявана спартыўным інвентаром і пясочніцамі дзіцячая пляцоўка, праведзена азеляненне, мантаж і ўстаноўка альтанак, новага плота. Таксама былі закуплены сродкі гігіены, медыцынскае абсталяванне для фізіятэрапеўтычнага кабінета, заменены вокны. Для калоніі ў вялікай колькасці была аказана дапамога сродкамі гігіены і тканінамі для пашыву летняга і зімовага адзення зняволеным жанчынам. Пашыў адзення адбываўся ў швейнай фабрыцы калоніі.
- Арганізацыя навучання бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з праблемамі слыху, жэставай мове. Праект быў рэалізаваны на базе ўстановы адукацыі “Спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 70 г. Гомеля для навучэнцаў з парушэннямі слыху”. Дзякуючы правядзенню заняткаў бацькі і дзеці змаглі лепш разумець адзін аднаго, развіваць творчыя здольнасці, а таксама працоўныя навыкі.
- Правядзенне Калядных акцый для зняволеных жаночай калоніі, дзяцей бежанцаў, дзяцей Журавіцкага дзіцячага дома-інтэрната, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, якія праводзіліся штогод з 2003 года на працягу некалькіх гадоў.
- Арганізацыя і правядзенне рэгулярных заняткаў іпатэрапіяй для дзяцей з «Дзіцячай вёскі» з мэтай развіцця каардынацыі рухаў, паляпшэння здароўя і псіхаэмацыйнага стану.
- Аказанне матэрыяльнай дапамогі Асарэвіцкай школе у Брагінскім раёне, а таксама сацыяльнаму прытулку і дзіцячаму саду, якія размешчаны ў будынку школы. Для ўстаноў былі закуплены пасцельныя прыналежнасці, спартыўныя касцюмы і абутак, прадукты харчавання.
- Набыццё абсталявання для ўстаноў адукацыі “Хатаўнянскі яслі-сад – сярэдняя школа” Рагачоўскага р-на і “Сярэдняя школа № 69” г. Гомеля . Установы атрымалі камп’ютары, праектар, факсавы апарат, інфармацыйныя стэнды, жалюзі, мячы і г.д.
- Правядзенне рамонта памяшкання, санвузла і ўстаноўка бойлера для аддзялення дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў на базе дзіцячага сада г. Лельчыцы Гомельскай вобласці.
- Аказанне матэрыяльнай дапамогі дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў г. Рэчыца, Гомельскай вобласці.
- Набыццё абсталявання для дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення установы “Гомельская абласная спецыялізаваная клінічная бальніца”. Для адзялення былі закуплены аперацыйны стол і хірургічныя інструменты, што дазволіла палепшыць якасць медыцынскага догляда за маленькімі пацыентамі, а таксама садзейнічаць стварэнню камфортных працоўных умоў.
- Аказанне дапамогі інкурабельным хворым аддзялення паліятыўнай дапамогі, створанага на базе Прыбыткаўскай бальніцы Гомельскай вобласці. Для аддзялення былі набыты прадметы медыцынскага догляду, посуд, сродкі гігіены, пастэльная бялізна, матрацы, бялізна для пацыентаў, якія паступаюць у адзяленне і якія знаходзяцца за рысай беднасці.
- Набыццё сродкаў тэхнічнай рэабілітацыі, спартыўнага інвентара, сродкаў гігіены для Беларускага таварыства інвалідаў Хойніцкага раёна. Закупленае абсталяванне дало магчымасці для стварэння спрыяльных умоў развіцця маладых людзей з інваліднасцю.
- Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Установы “Рагачоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. З мэтай паляпшэнне якасці жыцця інвалідаў-калясачнікаў былі набыты спецыялізаваны аўтамабіль, рэабілітацыйнае і тэрапеўтычнае абсталяванне, метадычныя матэрыялы. Для аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў у Рагачове была набыта цяпліца і расходны матэрыял, што садзейнічала арганізацыі 2 працоўных месцаў для маладых людзей з інваліднасцю.
Дзякуем Богу за гэту прыгожую гісторыю і за людзей, якія яе стваралі. З актуальнай дзейнасцю Дабрачыннай каталіцкай Місіі “Карытас-Міласэрнасць Вы можаце пазнаёміцца ў іншых раздзелах нашай старонкі.